«Для арэнды парыжскай кватэры прасілі замарозіць 70 тысяч еўра». Вялікае інтэрв’ю з Паўлам Латушкам

У пачатку сакавіка Павел Латушка быў прызначаны дырэктарам Купалаўскага тэатра. У інтэрв'ю TUT.BY ён расказаў пра працу ў Парыжы і першыя крокі на новай пасадзе, а таксама агучыў свой прынцып у жыцці.

«Для арэнды парыжскай кватэры прасілі замарозіць 70 тысяч еўра». Вялікае інтэрв'ю з Паўлам Латушкам

— Пераход у Купалаўскі — не мая ініцыятыва. Гэта прапанова міністра культуры Юрыя Бондара, якую ён зрабіў падчас асабістай размовы, — кажа Павел Латушка пра сваё прызначэнне.

Для многіх беларусаў асоба Паўла Паўлавіча перш за ўсё асацыіруецца з працай на пасадзе міністра культуры. Але ён займаў яе тры з паловай гады (2009−2012), а большую частку кар’еры правёў у МЗС. Як сапраўдны кар’ерны дыпламат, Латушка просіць паказаць яму тэкст перад публікацыяй.

— Павел Паўлавіч, тады не кажыце тое, што потым не хацелі б убачыць у тэксце. Крыўдна нешта пачуць, а потым не распавесці чытачам, — адказваю я.

— Тады інтэрв'ю скончана, — жартуе Латушка.

Мы з фатографам смяемся і пачынаем размову.

«На прыём да саветніка банка даводзіцца запісвацца тры месяцы. Каб атрымаць адказ праз электронную пошту, часам трэба напісаць тры-чатыры разы»

Папярэднія шэсць гадоў мой суразмоўца з’яўляўся паслом у Францыі (таксама па сумяшчальніцтве ў Іспаніі, Партугаліі і Манака, а яшчэ прадстаўніком пры ЮНЕСКА і Сусветнай турыстычнай арганізацыі) і жыў у Парыжы. Перш чым перайсці да палітычных ды эканамічных пытанняў, цікаўлюся побытам. Латушка вельмі высока ацэньвае сацыяльныя стандарты Францыі. Але нечакана прызнаецца: асобныя побытавыя праблемы вырашыць у Мінску значна лягчэй, чым у Парыжы.

— Ці маглі б вы прывесці які прыклад? Калі я падарожнічаў па Францыі, мяне раздражняла, што рана ў будні закрываюцца прадуктовыя крамы. На выхадных яны ўвогуле не працуюць. Дзе хочаш, там і набывай прадукты.

— У Парыжы даволі цяжка арэндаваць жыллё, бо ўладальнікі кватэр часта не хочуць здаваць іх дыпламатам. Цяжка знайсці варыянт, потым заключыць дамову. Пазней цяжка нават спыніць дамову аб арэндзе. Уявіце: у якасці гарантыі гэтага кантракту ў цябе просяць замарозіць 70 тысяч еўра! Атрымліваецца даволі добры бізнес: на некалькі гадоў маеш у распараджэнні такую суму. Ёсць свае цяжкасці з мабільнымі аператарамі, платай за энергазабеспячэнне.

«Для арэнды парыжскай кватэры прасілі замарозіць 70 тысяч еўра». Вялікае інтэрв'ю з Паўлам Латушкам

Што тычыцца працы дыпламата… У Францыі даволі цяжка звярнуцца да чыноўніка, каб атрымаць станоўчае рашэнне па той ці іншай праблеме. На прыём да саветніка банка даводзіцца запісвацца тры месяцы. Сам неаднаразова з такім сутыкаўся. Каб атрымаць адказ праз электронную пошту, часам трэба напісаць тры-чатыры разы. На жаль, такі пералік можна працягваць. Таму, паверце, у Беларусі такія праблемы вырашаюцца прасцей і хутчэй.

— Ці прывезлі вы з сабой з Францыі нейкія хобі, звычкі? Напрыклад, раней не пілі каву, а цяпер сталі яе аматарам.

— Я б хутчэй казаў не пра прыватныя факты, а пра назапашаны стыль працы за мяжой. Зразумела, што пасол прадстаўляе інтарэсы сваёй краіны і выконвае задачы, якія акрэслівае яму кіраўніцтва (прэзідэнт, урад, Міністэрства замежных спраў). Але праца пасла мае сваю ўнікальнасць — даволі значную аўтаномію ў плане ініцыятывы і рэалізацыі ідэй на практыцы.

— Што атрымалася зрабіць падчас працы паслом, а што не?

— Ацэньваць, што ўдалося зрабіць, што не, — не мая прэрагатыва. Мой прынцып у жыцці заўжды быў такім: ставіць мэты і ісці да іх. І калі ты ставіш станоўчую мэту, у большасці сітуацый ты дойдзеш да выніку.

Часта выкарыстоўваюцца два тэрміны: эканамічная дыпламатыя і культурная дыпламатыя. Прыярытэт знешняй палітыкі Беларусі — эканамічная дыпламатыя, на якую былі накіраваныя ўсе намаганні. У галіне эканомікі дагэтуль не было гандлёва-эканамічных камісій ні з Францыяй, ні з Іспаніяй, ні з Партугаліяй. Яны былі створаныя, а гэта базавыя інструменты гандлёва-эканамічных сувязяў. Атрымалася пашырыць супрацоўніцтва з рэгіёнамі Францыі. Мы арганізавалі больш за 50 эканамічных і турыстычных прэзентацый. Былі канкрэтныя экспартныя інвестыцыйныя праекты: пачынаючы ад зборкі аўтамабіляў да будаўніцтва дамоў. Паверце, спіс зробленага можна працягваць яшчэ доўга.

«Калі губляеш сувязь з Беларуссю, наступае момант, калі варта вярнуцца на радзіму»

«Для арэнды парыжскай кватэры прасілі замарозіць 70 тысяч еўра». Вялікае інтэрв'ю з Паўлам Латушкам

— Дзе вам больш камфортна працаваць: у дыпламатыі ці ў культуры?

— Мне здаецца, што эканамічная і культурная дыпламатыя перасякаюцца. Першае месца маёй працы за мяжой — гэта Беласток (Павел Латушка займаў пасады віцэ-консула і консула ў Беластоку ў 1996−2000 гадах. — Заўвага TUT.BY). На Беласточчыне пражывае вялікая колькасць беларусаў, якія захоўваюць сваю культуру. Па іх ініцыятыве і пры падтрымцы консульства штогод адбываліся дзясяткі імпрэзаў, на якіх я прысутнічаў. З гэтага моманту меў непасрэднае дачыненне да сферы культуры.

Пазней, калі працаваў прэс-сакратаром МЗС (2000−2002 гады. — Заўвага TUT.BY), міністры замежных спраў Урал Латыпаў і Міхаіл Хвастоў накіроўвалі мяне як прадстаўніка МЗС на імпрэзы беларусаў, якія ладзіліся па-за межамі краіны. Гэта быў гонар і адначасова задавальненне.

Пазней мяне прызначылі паслом у Польшчу (2002−2008). Гэта наша краіна-суседка, дзе шмат беларусаў, дзе добра ўспрымаецца наша культура. Апошнія шэсць гадоў я працаваў у Францыі. Паколькі Парыж — сусветная культурная сталіца, увага да культуры выглядала лагічнай і натуральнай.

— Няўжо французам цікава беларускае мастацтва?

— Сапраўды, Беларусь для іх — гэта Terra incognita, якую мала ведаюць. Але ў гэтым наш шанец, бо еўрапейцы адкрыты да ўсяго новага. Да таго ж праз культурную дыпламатыю мы можам пашыраць веды пра нашу краіну, ствараць яе станоўчы імідж.

— Сярод праектаў, якія вы ладзілі ў Францыі, былі якраз гастролі Купалаўскага.

— Гэта быў спектакль «Пан Тадэвуш». Аднойчы, калі ехаў з аэрапорта «Шарль дэ Голь» у пасольства, патэлефанаваў Мікалаю Пінігіну. Згадаў, што, калі я працаваў міністрам, мы ладзілі паказ у Лондане. Тады нам вельмі дапамог Аляксандр Міхневіч, пасол у Вялікабрытаніі (і, дарэчы, сын міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча). Запытаўся ў Пінігіна, што б мы маглі прывезці ў Парыж. Ён адказаў, што ставіць спектакль «Пан Тадэвуш» паводле Міцкевіча. А паэт, нагадаю, гістарычна звязаны са сталіцай Францыі, выкладаў у Сарбоне. У выніку на «Пана Тадэвуша» прыйшлі каля 700 наведвальнікаў, людзі прыходзілі сем’ямі (часта адзін з членаў сям'і быў французам, другі — беларусам).

А яшчэ ладзілі гастролі спектакля «АРТ» Купалаўскага тэатра, беларускага балета, Тэатра-студыі кінаакцёра, РТБД, балетнай школы Марыны Вежнавец. Пасля 40-гадовага перапынку ў Францыю вярнуліся «Песняры», выступалі «Харошкі» і іншыя калектывы. Мы ставілі мэту паказаць максімальную палітру сённяшняй культуры Беларусі. Але цяжкасці пры арганізацыі хай застануцца за кадрам. Бо той, хто не рабіў культурны праект у Францыі, не зразумее, пра што ідзе гаворка. Нават калі рыхтуецца выстава беларускіх мастакоў, то гэта адбор прац, іх дастаўка, пошук пляцоўкі, рэкламная інфармацыя, запрашэнне гасцей. Усё патрабуе значных укладанняў. З гонарам скажу: 99% гэтых праектаў адбыліся без прыцягнення бюджэтных сродкаў пры дапамозе спонсараў і мецэнатаў.

«Для арэнды парыжскай кватэры прасілі замарозіць 70 тысяч еўра». Вялікае інтэрв'ю з Паўлам Латушкам

Усяго гэта каля 200 разнастайных культурных праектаў як мінімум у 50 французскіх гарадах. Такога шырокага ахопу — і культурнага, і эканамічнага (бо да эканамічных камісій мы правялі пяць беларуска-французскіх эканамічных форумаў) — за гады незалежнай Беларусі не было.

— Дарэчы, калі вы ладзілі гастролі Купалаўскага, у вас не было думкі, што будзеце там працаваць?

— Калі вы можаце прадбачыць, што з вамі здарыцца праз пяць-шэсць гадоў, то я вам зайздрошчу.

— Вашы пераемнікі будуць працягваць вашу «культурную» палітыку?

— Усё будзе залежаць ад іх, ад новага пасла Ігара Фісенкі. Гэта дасведчаны прафесійны дыпламат, які працаваў паслом у Егіпце, кіраўніком шэрагу падраздзяленняў МЗС (да прызначэння ў Парыж узначальваў галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС. — Заўвага TUT.BY). Заўсёды шчыра жадаю пераемнікам, каб у іх атрымалася больш і лепш, чым у мяне. Прынамсі, скончваючы місію, я пастараўся перадаць ім усе кантакты.

Цяпер кар’ера Латушкі працягваецца ў Мінску. Запытваю ў суразмоўцы, як за час яго адсутнасці змяніўся беларускі дзяржаўны апарат.

— Падчас працы ў Парыжы я не перапыняў працу ў дзяржаўным апараце. Купалаўскі тэатр — дзяржаўная установа, але пасада дырэктара не з’яўляецца дзяржаўнай службай.

— А як за час вашай адсутнасці змянілася Беларусь?

— Глабальна я нікуды не з’язджаў, бо дыпламатычная праца прадугледжвае непасрэдную, штодзённую сувязь з Беларуссю. Калі губляеш гэтую сувязь, наступае момант, калі варта вярнуцца на радзіму (смяецца). Таму ў замежнай дыпламатыі існуюць звычаі, калі дыпламаты працуюць за мяжой тры-чатыры гады. Гэта тычыцца сярэдняга ды малодшага дыпламатычнага складу. Але калі казаць канкрэтна, то яшчэ не гатовы ацэньваць і рабіць глабальныя высновы, усё ж такі вярнуўся месяц таму. Але прынцыповай розніцы не бачу.

«У адным з вядучых лонданскіх тэатраў гледачы падчас перапынку могуць набыць марозіва і каштаваць яго ў зале»

«Для арэнды парыжскай кватэры прасілі замарозіць 70 тысяч еўра». Вялікае інтэрв'ю з Паўлам Латушкам

— Калі вы сталі дырэктарам, як змянілася ваша ўспрыманне Купалаўскага тэатра (у параўнанні з тым, што было падчас працы міністрам)?

— Кіраваць установай культуры — гэта адказнасць за пэўны калектыў, які складаецца з трох сотняў людзей, вырашэнне іх праблем. Гэта пытанні, звязаныя з зарплатай, арганізацыяй працы, новымі пастаноўкамі. На першы погляд, некаторыя з іх здаюцца дробнымі, але з пункту гледжання калектыву яны могуць мець важнае значэнне.

— Што вы плануеце змяніць у Купалаўскім?

— Апошнім часам я часта чую гэта пытанне. Чамусьці ўсе чакаюць, што са зменай кіраўніка ў Купалаўскім адбудуцца нейкія прынцыповыя змены. Але тэатр мае свае традыцыі і гісторыю. Захаваць іх — прыярытэт для любога дырэктара.

Пры гэтым Латушка плануе пашыраць гастрольную дзейнасць тэатра (як унутры Беларусі, так і за мяжой), дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Таксама дырэктар дэкларуе адкрытасць да новых крэатыўных праектаў і ідэй.

— Гэта не азначнае, што кожная з іх будзе рэалізавана. Але тое, што будзе цікава, будзе разгледжана. Хоць трэба разумець фінансавыя магчымасці тэатра.

Запытваю ў Латушкі, ці з’явіцца ў тэатры апекунскі савет. Як кажа мой суразмоўца, падчас працы міністрам культуры ён прапанаваў стварыць такія саветы пры ўстановах культуры.

— Аднаўленне працы апекунскага савета — адна з нашых галоўных задач. Але, на жаль, адпаведная пастанова Савета міністраў, якая была прынята ў 2011 годзе, ужо страціла сваю моц. На ўзроўні ўрада адпаведных дакументаў не існуе. Ёсць нарматыўныя акты, якія прынятыя ў тэатры. Мы прааналізуем іх, унясём адпаведныя карэктывы. Такі савет можа быць фармалізаваны (калі мы яго афіцыйна ствараем, зацвярджаем склад, кіраўніцтва, намеснікаў, сакратара, прымаем палажэнне) або нефармалізаваны (фактычна клуб аматараў або тых людзей, хто будзе падтрымліваць дзейнасць тэатра). Галоўнае, каб ён існаваў і ўносіў свой уклад у далейшае развіццё тэатра.

Паводле слоў Латушкі, ён ужо сустракаўся з прадстаўнікамі шэрагу вядучых беларускіх кампаній. Але пакуль гэта знаходзіцца на стадыі перамоў.

Што тычыцца бюджэту тэатра, то за мінулы год ён склаў крыху больш за 4 мільёны беларускіх рублёў, 48% з яго Купалаўскі атрымаў з пазабюджэтных крыніц.

— Зразумела, што ў дзейнасці дзяржаўных тэатраў базавай заўжды будзе з’яўляцца дзяржаўная дапамога. Але мы таксама павінны шукаць новыя інструменты. Ёсць абсталяванне, якое можна здаваць у арэнду (не перашкаджаючы тэатральнаму працэсу). Можна займацца выдавецкай дзейнасцю і рэкламай. Але такая дзейнасць павінна абавязкова тычыцца тэатральнага мастацтва. Мне цяжка ўявіць, што ў нас, як, напрыклад, у адным з вядучых лонданскіх тэатраў, могуць каштаваць марозіва ў глядальніцкай залі.

— Вы не гатовы?

— Катэгарычна супраць гэтага! Для марозіва ў нас ёсць кавярні.

«Прапанаваў Пінігіну аднавіць пастаноўку «Тутэйшых»

«Для арэнды парыжскай кватэры прасілі замарозіць 70 тысяч еўра». Вялікае інтэрв'ю з Паўлам Латушкам

— На прэм’ерах опернага тэатра можна ўбачыць шмат высокапастаўленых чыноўнікаў. Напрыклад, я неаднаразова бачыў экс-прэм'ера Сяргея Сідорскага. А вось у Купалаўскім сустракаў хіба толькі Лідзію Ярмошыну. Вы плануеце адмыслова запрашаць высокапастаўленых чыноўнікаў на прэм’еры?

— У вас не зусім поўная інфармацыя. Таму мы запрашаем вас у Купалаўскі часцей. Па маёй інфармацыі, тэатр наведвалі і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, і яе першы намеснік Максім Рыжанкоў, і старшыня Нацыянальнага банка Павел Калаур. Натуральна, з пункту гледжання далейшага развіцця тэатра, яго фінансавання, разумення, куды выдаткоўваюцца сродкі, уражанні гэтых людзей важныя. Але перадусім нашы спектаклі кіруем на гледача. Для нас вельмі важнае яго меркаванне.

— Калісьці вашым першым намеснікам у Міністэрстве культуры з’яўляўся Уладзімір Карачэўскі. Пазней ён працаваў дырэктарам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Ведаю, што ідэі некаторых пастановак належаць менавіта яму. А вы плануеце кіравацца яго прыкладам?

— Скажу шчыра: спецыяльных прапаноў не маю. За выключэннем адной, якую агучыў Пінігіну, калі яшчэ не з’яўляўся дырэктарам Купалаўскага тэатра. Цяпер паўтарыў зноў: аднавіць пастаноўку «Тутэйшых». Гэта мая прапанова, але прымусіць Мікалая Мікалаевіча я не магу.

— Ён вам нешта адказаў?

— Так, але хай гэта застанецца паміж намі.

— Калі вы закранулі асобу Мікалая Пінігіна, не магу не спытаць. На вялікай сцэне Купалаўскага зараз ідуць 18 спектакляў. 11 з іх паставіў мастацкі кіраўнік тэатра. А як іншым рэжысёрам трапіць у Купалаўскі?

— Я нязгодны з вашай крытыкай. У тэатра павінен быць лідар, якім у Купалаўскім з’яўляецца мастацкі кіраўнік. Калі мы возьмем проста статыстыку, то з 2010 года, калі Пінігін як мастацкі кіраўнік тэатра пачаў ставіць спектаклі, апрача яго, свае праекты рэалізавалі 13 рэжысёраў, 9 з іх — маладыя (дзеля аб’ектыўнасці гаворка ідзе як пра вялікую, так і пра малую сцэну. — Заўвага TUT.BY). Таму Купалаўскі — абсалютна не закрытая пляцоўка. Галоўнае — разумець ідэалогію і мэту, якую ставіць перад сабой першы беларускі тэатр, і прадставіць якасны праект.

— Папярэдні дырэктар Купалаўскага Павел Палякоў быў цалкам непублічнай асобай, Мікалай Пінігін — наадварот. Цяпер на чале Купалаўскага — дзве публічныя асобы. Дык хто будзе галоўны: вы ці Пінігін?

— Магу адказваць толькі за сябе, але думаю, мяне Мікалай Пінігін падтрымае. Мы аднадумцы, якія не будуць весці барацьбу за лідарства. Спадзяюся, такія адносіны мы захаваем і надалей. Таму няма абсалютна ніякіх перашкод, каб дырэктар і мастацкі кіраўнік адначасова з’яўляліся публічнымі асобамі.

«Для арэнды парыжскай кватэры прасілі замарозіць 70 тысяч еўра». Вялікае інтэрв'ю з Паўлам Латушкам

— А хто будзе вырашаць, якога рэжысёра запрашаць на пастаноўку?

— Дырэктар не абавязкова павінен быць творчым лідэрам. Таму не трэба штучна ставіць агароджу ў творчым працэсе. Мая задача — забяспечыць максімальныя магчымасці для творчай рэалізацыі калектыву. Зразумела, што роля дырэктара тут будзе таксама прысутнічаць. Уявіце, што мастацкі кіраўнік захоча рэалізаваць нейкі мастацкі праект, які будзе каштаваць неабмежаваных сродкаў. Але дырэктар адказвае за фінансавы бок, таму будзе мець свой уплыў. Зразумела, творчую ідэю прыносіць мастацкі кіраўнік. А вось далейшы перамоўны працэс з патэнцыяльным рэжысёрам больш залежыць ад дырэктара. Тут павінен быць разумны баланс.

— Адна з істотных праблем сучасных беларускіх тэатраў зарплаты акцёраў. Летась дырэктар музычнага тэатра Аляксандр Пятровіч расказваў, што зарплаты ў яго калектыве складаюць 400−450 рублёў (у некаторыя месяцы 500−550 рублёў).

— Гэта вельмі неадназначнае пытанне, якое звязана ў тым ліку з загрузкай акцёраў. Калі народныя і заслужаныя акцёры ўдзельнічаюць у 15−17 спектаклях у месяц, то іх заробак можа складаць 1300−1400 рублёў. Калі мы кажам пра сярэдні заробак акцёраў, гэта 850 рублёў. Зразумела, гэта звязана і з нашымі фінансавымі магчымасцямі.

— Ці хапае ў вас часу наведваць купалаўскія спектаклі?

— Апошнім часам прааналізаваў дзесяць дзён рэпертуару тэатра. Быў на сямі спектаклях. На двух спектаклях у Парыжы, штосьці глядзеў, калі яшчэ быў міністрам, наведваў спектакль Купалаўскага разам з іншымі пасламі. З таго, што ўбачыў у апошнія гады, найбольш уразіла «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча. У будучым спадзяюся азнаёміцца з усім рэпертуарам. Гэта мой абавязак, але гэта і маё жаданне. Я люблю тэатр.

Источник

Материалы по теме:

Узнал о её мужском начале во время секса: в Курске мужчина убил и расчленил транссексуала
Узнал о её мужском начале во время секса. Шокирующее по жестокости убийство произошло в Курске. Как стало известно РЕН ТВ, в полицию обратилась женщина, которая заявила о пропаже своей дочери - 25-летней Киры (имя изменено). Правоохранители взялись за розыск девушки. Впоследствии выяснилось, что на тот ...
Можно ли распознать обман? Эксперт по лжи — о том, как мы врем друг другу
...
Белорусское недоразумение: эксперты объяснили слова Лукашенко о Донбассе
«Это не проблема, а козырь России» ...
15 нестандартных румян: на вечеринку и на каждый день
Яркие и необычные румяна способны как подчеркнуть макияж, так и солировать в нем. Авторка Telegram-канала Fierce&Cute Мур Соболева собрала 15 оттенков, которые сделают наше мрачное лето чуть насыщеннее и веселее. ...

Добавить комментарий

Войти с помощью: 

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

ЭТО МОЖЕТ БЫТЬ ИНТЕРЕСНО

Яндекс.Метрика